Дэкалог, пяць

«Дэкало́г, пяць» (польск.: Dekalog, pięć) — пятая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім[4]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].

Дэкалог, пяцьM:
польск.: Dekalog, pięć
Жанр драма
Рэжысёр
Прадзюсар Рышард Чуткоўскі
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Польскае тэлебачанне[d]
Працягласць 57 хв.
Краіна
Мова польская[1]
Год 1989
Папярэдні фільм Дэкалог, чатыры
Наступны фільм Дэкалог, шэсць
IMDb tt0094987

Фільм «Дэкалог, пяць» адпавядае пятай з Дзесяці запаведзяў: «Не забівай»[6].

Поўнаметражная версія была выпушчана асобным фільмам у 1988 годзе пад назвай «Кароткі фільм пра забойства».

СюжэтПравіць

Пятая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не забівай»[6].

Варшава, 16 сакавіка 1987 года.

Пётр Баліцкі (Кшыштаф Глобіш) здае экзамен на права займацца адвакацкай практыкай. Ён малады і поўны ідэалістычных ідэй. Падчас экзамена ён выказвае думку, што пакаранне — гэта не толькі ўздзеянне на абвінавачанага, але і акт запужвання іншых. Аднак з часоў Каіна яшчэ не адно пакаранне не выправіла свет і не адпужвала яго ад здзяйснення злачынстваў.

Яцэк Лазар (Мірослаў Бака) — дваццацігадовы вясковы хлопец. Ён бессэнсоўна швэндаецца па вуліцах Варшавы. Яцэк распытвае, дзе бліжэйшая стаянка таксі. Прыйшоўшы на месца, ён знаходзіць, што там чакае шмат людзей.

Вальдэмар Рэкоўскі (Ян Тэсаж) — грузны чалавек сярэдніх гадоў, кіроўца таксі. Ён карыстаецца свабодай, якую дае яму яго прафесія. Ён груба абыходзіцца з непрыемнымі яму людзьмі і адмаўляецца іх падвозіць, клапоціцца аб сваім таксі і знаёмым сабаку, заігрывае з дзяўчатамі.

Бадзяючыся па горадзе, Яцэк чыніць зламысныя і бессэнсоўныя рэчы. Ён з абыякавасцю назірае, як два чалавекі даганяюць і збіваюць іншага, у грамадскім туалеце спіхвае чалавека ў пісуар, скідвае камень з моста на праязджаючыя аўтамабілі, ганяе галубоў, якіх корміць старая жанчына. Дарогай Яцэку на вочы не раз трапляюцца малыя дзяўчынкі. У Яцэка і самога ёсць з сабой крыху прымяты фотаздымак з дзяўчынкай, убранай у белае. Ён заходзіць у фотаатэлье і пакідае там фотаздымак, каб яго павялічылі. Ён цікавіцца ў работніцы фотаатэлье, ці можна па фотаздымку вызначыць, жывы чалавек ці не.

Таксіст ездзіць па горадзе, шукаючы кліента. Яцэк заходзіць у кафэ, купляе каву і пірожнае. Седзячы ў кафэ, Яцэк намотвае на руку вяроўку, але спыняецца, калі бачыць, як дзве дзяўчынкі гуляюць за акном кафэ. Ён жартуе з імі. Затым ідзе да стаянкі і ловіць таксі. На таксі спяшаюцца яшчэ некалькі чалавек, але Яцэк адмаўляецца саступіць ім, хлусячы, што яму з імі не па дарозе. Таксі належыць Вальдэмару. Яцэк называе яму аддалены раён горада. У бязлюдным месцы ён накідвае вяроўку на шыю Вальдэмара і цягам доўгага часу жорстка душыць яго. Калі задушыць Вальдэмара не атрымоўваецца, Яцэк праломвае яму галаву кавалкам арматуры, але і гэтага аказваецца недастаткова. Вальдэмар стогне, з апошніх сіл просячы аб літасці, але Яцэк не слухае. Ён дабівае таксіста, скрышыўшы яму галаву цяжкім каменем. Затым скідвае цела ў раку. Вярнуўшыся ў таксі, Яцэк дастае бутэрброд, зроблены жонкай таксіста, і ўключае радыё. Па радыё гучыць дзіцячая песенька, у якой малады леў вучыцца быць адважным. Узлаваны Яцэк выдзірае аўтамагнітолу і шпурляе яе ў раку.

Суд прыгаворвае Яцэка да смерці, нягледзячы на пранікнёную прамову Пятра супраць смяротнага пакарання. Для Пятра гэта першая справа, і пасля працэсу ён гутарыць з дасведчаным суддзёй, які гэтую справу вёў. Пётр пытаецца, ці магло б нешта змяніцца, калі б замест яго быў больш вопытны адвакат. Суддзя адказвае, што Пётр зрабіў усё, што можна было зрабіць у такой сітуацыі, і што гэта была найлепшая на яго памяці прамова супраць смяротнага пакарання, але прысуд не мог быць іншым.

У дзень, на які назначана смяротнае пакаранне, Яцэк просіць аб размове з Пятром, бо Пётр адзіны, па яго словах, не быў супраць яго. Пётр спрабуе патлумачыць, што людзі не супраць яго, але супраць яго ўчынку; аднак Яцэк не знаходзіць розніцы. У размове Яцэк распавядае, што пяць гадоў таму памерла яго ўлюбёная малодшая сястра. Гэта было ў вёсцы. Яе пераехаў на трактары сябра Яцэка, з якім Яцэк перад гэтым піў. Яцэк да гэтага часу вінаваціць сябе. Ён гаворыць, што ўсё магло б быць іначай, калі б гэтага не здарылася. Яцэк просіць перадаць яго бацькам просьбу, каб маці саступіла яму месца на могілках побач з сястрой і бацькам. Яшчэ ён просіць Пятра забраць у фотаатэлье здымак, дзе яго сястра выяўлена ў сукенцы для Першага Прычасця, і перадаць здымак маці.

Набліжаецца час выканання прысуду. Ахоўнік пытаецца ў Пятра, ці скончылі яны гутарку, Пётр жа адказвае, што ён ніколі не згодзіцца яе скончыць па сваёй волі. Тады Яцэка сілай адводзяць і з захаваннем усіх працэдур — абвяшчэння прысуду, апошняй цыгарэты, наказаў святара — вешаюць. У апошні момант Яцэк у адчаі спрабуе вырвацца з рук турэмшчыкаў. Пётр, прысутны пры гэтым, ледзь стаіць на нагах.

У апошняй сцэне Пётр сядзіць у машыне ў сельскай мясцовасці і ў бяссільнай злосці паўтарае «Ненавіджу! Ненавіджу!»

Акцёрскі складПравіць


   Мірослаў Бака[pl]   –   Яцэк Лазар
   Кшыштаф Глобіш[pl]   –   Пётр Баліцкі, адвакат
   Ян Тэсаж[pl]   –   Вальдэмар Рэкоўскі, таксіст
   Артур Барчыш[pl]   –   рабочы з мерай
   Крыстына Янда[pl]   –   Дарота Гелер, гераіня фільма «Дэкалог, два»
   Ольгерд Лукашэвіч[pl]   –   Анджэй Гелер, герой фільма «Дэкалог, два»
   Мацей Шары[pl]   –   домакіраўнік, сусед таксіста
   Збігнеў Запасевіч[pl]   –   старшыня калегіі адвакатаў
   Збігнеў Борэк[pl]   –   святар пры пакаранні смерцю Яцэка
   Уладыслаў Берды   –   памочнік ката
   Аляксандр Беднаж[pl]   –   кат
   Барбара Дзекан[pl]   –   касірка ў кінатэатры
   Івона Гленбіцка[pl]   –   супрацоўніца фотаатэлье
   Эльжбета Хельман[pl]   –   Беатка, супрацоўніца прадуктовай крамы
   Хелена Кавальчыкава[pl]   –   старая, што корміць галубоў ля Зыгмунтавай калоны
   Борыс Марыноўскі[pl]   –   ахоўнік
   Мацей Мацяеўскі[pl]   –   пракурор
   Сільвестр Мацяеўскі[pl]   –   брат Яцэка
   Анджэй Масталеж[pl]   –   брат Яцэка
   Здзіслаў Рыхтэр[pl]   –   мастак на Рыначнай плошчы Старога горада
   Караль Стэпкоўскі[pl]   –   урач пры пакаранні смерцю Яцэка
   Здзіслаў Тобяш[pl]   –   суддзя
   Ежы Зас[pl]   –   начальнік турмы
   Леанард Анджэеўскі[pl]   –   прыяцель п’янага на стаянцы таксі (у цітрах не ўказаны)
   Хенрык Лапіньскі[pl]   –   сябра калегіі адвакатаў (у цітрах не ўказаны)

СаўндтрэкПравіць

Музыка, што гучыць у фільме «Дэкалог, пяць» увайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка са ўсяго тэлецыкла. Пазней музыка з фільма «Дэкалог, пяць» з’яўлялася ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995)[7], «Чатыры колеры Лодзі» (2014)[8], а таксама ў альбоме «Кеслёўскі» (2003)[9], які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра.

Апроч таго, музыка з фільма «Дэкалог, пяць» была выкарыстана ў фільме Вонга Карвая «2046»[10][11].

ВыхадПравіць

Прэм’ера фільма адбылася 9 верасня 1989 года на Венецыянскім кінафестывалі[5]. Пазней фільм дэманстраваўся на Кінафестывалі ў Чыкага 20 кастрычніка 1989 года[12]. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 1 чэрвеня 1990 года[5].

ЗноскіПравіць

  1. http://www.cineplex.com/Movie/dekalog-5/Photos
  2. http://www.csfd.cz/film/31668-dekalog-v/filmoteka/
  3. http://www.filmaffinity.com/en/film248822.html
  4. Dekalog (польск.) . Інтэрнэт-база польскага кіно. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  5. 5,0 5,1 5,2 Dekalog, piec (TV Episode 1989) — Release Info (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 17 чэрвеня 2021.
  6. 6,0 6,1 Агульны катэхізіс (бел.) . Афіцыйны інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Праверана 17 чэрвеня 2021.
  7. Zbigniew Preisner — Preisner's Music (англ.) . Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  8. Zbigniew Preisner — The Four Colors Of Łódź (англ.) . Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  9. Zbigniew Preisner — Kieślowski (англ.) . Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  10. 2046 — Original Soundtrack (англ.) . Сайт «AllMusic». Праверана 12 верасня 2019.
  11. Various — 2046 (Original Soundtrack From Wong Kar Wai's Film) (англ.) . Сайт «Discogs». Праверана 12 верасня 2019.
  12. More of the 25th Chicago International Film Festival (англ.) . Сайт «Chicago Reader» (19 кастрычніка 1989). Праверана 17 чэрвеня 2021.

ЛітаратураПравіць

  • Joseph G. Kickasola. The Films of Krzysztof Kieślowski:The Liminal Image. — A&C Black, 2004. — 332 p. — ISBN 978-0-826-41559-2.

СпасылкіПравіць