Пінская справа

«Пінская справа» — палітычная крымінальная справа 14-ці жыхарам Пінска, якія былі прызнаны палітвязнямі, абвінавачаныя паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Масавыя беспарадкі») ва ўдзеле ў масавых беспарадках уначы з 9 на 10 жніўня 2020 года ў Пінску. Справу разглядае суддзя Яўген Брэган.

Сутнасць справыПравіць

9 і 10 жніўня 2020 года ў Пінску адбываліся жорсткія сутыкненні паміж сілавікамі і пратэстоўцамі: людзі заблакавалі будынак Пінскага раённага выканаўчага камітэта і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як кажуць сведкі тых падзей, жыхары Пінска накіраваліся да выбарчых участкаў дазнацца вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, але іх накіроўвалі ў выканкам, маўляў, усе вынікі перадалі туды. Такім чынам людзі і пазбіраліся пад будынкам выканаўчага камітэта. На прапанову ўладаў, пяць прадстаўнікоў грамадзян пайшлі ў будынак «паразмаўляць», астатнія мірна чакалі, пляскалі ў ладкі, смяяліся, нават перакідваліся словамі з міліцыянтамі, сярод якіх было шмат знаёмых. А ў гэты час мясцовыя ўлады пільна сцягвалі дадатковыя сілы праваахоўнікаў, пасля чаго людзей узялі ў кола, а людзі спрабавалі вырвацца з гэтага ачаплення, баронячыся ад узброеных сілавікоў.

ПацярпелыяПравіць

Пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, 72 з якіх праз відэасувязь заявілі пра нанесеную ім маральную шкоду агульным памерам 382 500 беларускіх рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянеры абгрунтоўвалі тым, што «зведалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, пакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу». У ходзе судовай справы частка супрацоўнікаў МУС адмовілася ад маральнай кампенсацыі: супрацоўнікі Пінскага дэпартаменту аховы і Іванаўскага РАУС.

СправаПравіць

Першапачаткова, начальнік упраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Канаплянік паведаміў дзяржаўным СМІ пра тое, што ў суд перадалі больш за 30 крымінальных справаў: хуліганства, здзек з дзяржсімволікі і гвалтоўныя дзеянні. Аднак, Суд Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка 2021 года пачаў разгляд толькі справы паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Масавыя беспарадкі»).

Паводле следства, грамадзяне хацелі захапіць гарадскі выканкам, чынілі беспарадкі, нанеслі розныя траўмы больш як сотні сілавікам, пашкодзілі транспартныя сродкі, а да таго знішчылі сметніцы, чатыры туі, 30 петуній, 110 аксамітак ды іншую маёмасць. Прычыненую шкоду ацанілі ў больш як 20 тысяч рублёў.

ПрысудПравіць

Суд прызначыў абвінавачаным выплаціць каля 24 тысячаў беларускіх рублёў як пакрыццё матэрыяльнай шкоды арганізацыям і прадпрыемствам. З іх амаль 19 тысячаў — міліцыі. На карысць 93 пацярпелых з абвінавачаных будуць спагнаныя каля 150 тысячаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды[1].

Спіс асуджаных і прысудыПравіць

  • Алена Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
  • Сяргей Маўшук — 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаслаў Рагашчук — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Рыгор Гунько — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Дэвід Масціцкі — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Раман Багнавец — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Алег Рубец — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Аляксандр Цярэшка — 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Артур Халімончык — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Данііл Богнат — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Станіслаў Міхайлаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Ігар Салавей — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
  • Сяргей Ляжэнка — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаслаў Шалямет — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Зноскі